«РЭВІ́ЗІЯ КО́БРЫНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»
(«Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 г. королевским ревизором Дмитрием Сапегою, с присовокуплением актов Браславского земского суда, относящихся к Кобринской Архимандрии»),
выданне гасп.-юрыд. дакументацыі Кобрынскай эканоміі сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскай археаграфічнай камісіяй (Вільня, 1876). Публікацыя змяшчае кнігу з вынікамі праведзенай у 1563 рэвізіі валочнай памеры ў эканоміі (на польск, мове). Пералічаны гаспадары пляцоў г. Кобрын, Дабучын (Пружаны), Гарадзец з пазначэннем колькасці сядзібнай, агароднай і палявой зямлі, сял. гаспадаркі ў сёлах з пазначэннем велічыні надзелаў і павіннасцей. Адзначаны 98 сёл, за цяглымі сялянамі замацавана 612 валок ворнай зямлі, за велікакняжацкімі фальваркамі — 89 валок. Выданне — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі, гіст. геаграфіі і анамастыцы.
т. 13, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)